Увядзеньне
Стратэгічны часапіс
Зноскі
Стратэгічны часапіс

Гледзячы на гісторыю Роднага Краю, міжволі задаешся пытаньнем: як так здарылася, што на спачатку Часу Радзіма мела славуты шлях, так удала праходзіла варункі гісторыі ў найбольш небясьпечныя пэрыяды й сканала ў той самы момант, калі вырашальная перамога была амаль атрымана, у момант актыўнага фармаваньня дзяржавы-нацыі, Новы Час, калі Прагрэс і Свабода выйшлі на раздол і сьвет пабачыў узыход Другой Гармоніі — Гармоніі годнасьці нацый.

Першай гармоніяй прапануецца лічыць пэрыяд панаваньня сыстэмы міжнародных адносін на аснове вяршэнства правоў гаспадароў сваей тэррыторіі й жыцьцяў сваіх людзей, то бок права з нагоды гістарычнай праўды, праўды дзядоў. Дзяржава была праекцыяй гаспадара (манарха), а не манарх вытворным ад дзяржавы. Гэты пэрыяд мае свою фактычную мяжу ў Венскім кангрэсе 1814—1815 гадоў, які зафіксаваў адносіны краін пасьля напалеонаўскіх войнаў. Пасьля гэтага канчаткова адбыўся адыход ад практыкі геапалітычных рашэньняў на падставе асабістага жаданьня ўладара. Паварот у кіруючых прынцыпах быў доўгім — ён пачаўся з Трыццацігадовай вайны, якая сталася апошняй рэлігійнай вайною ў Эўропе й прывяла да станаўленьня Вестфальскай сыстэмы міжнародных адносін, адпаведна зь якой галоўная роля (актара — адпаведна сучаснай тэорыіі міжнародных адносін) павольна перайшла ад манарха асабіста да дзяржавы як калектыўнай сутнасьці праз усталяваньне прынцыпу нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту.

Далей мы бачым пазіцыю ўладара як носьбіта меркаваньняў й імкненьняў кіруючага класу. Праз гэта механізмам прыняцьця рашэньняў стаў баланс інтарэсаў дзяржаваў (сацыяльных групаў, увасабляючых ў пэўны момант асноўныя эканамічныя сілы і кантралюючыя асноўныя дэмаграфічныя рэсурсы той ці іншай краіны), а не суаднясеньне ўяўленьняў і асабістага стаўленьня адзін да аднаго манархаў.

Пры гэтым сам факт зьмены матывацыйных механізмаў не паменшыў памеры вайсковых сутыкненьняў.

Трыццацігадовая вайна прынесла спусташэньні для Цэнтральнай Эўропы, асабліва Германіі (у Паўднёвай Германіі толькі каля адной трэці насельніцтва перажыла гэты канфлікт). Агульныя страты ў рэгіёне за ўвесь пэрыяд з улікам эпідэмій і голаду ад неўраджаяў вагаюцца ад 3 да 9 мільёнаў, пры агульнай колькасьці насельніцтва ў дыяпазоне 15—20 мільёнаў(3). Зьявілася цэлае пакаленьне, якое ведала толькі стан вайны на працягу ўсяго жыцьця. У параўнальным масштабе да тагачаснага грамадства тая вайна прынесла большыя разбурэньні, чым Другая сусьветная ў свой час.

Напалеонаўскія войны за ўдвая меншы час забралі жыцьці ня менш як 3,5 мільёнаў чалавек(4).

Ніжняя мяжа Першай гармоніі ляжыць недзе ў раньнім Сярэднявеччы, калі праз вар’яцтва бясконцых войнаў, якія былі бліжэй да паляваньня, зьявілася сама альтэрнатыва забойству — дамоўленасьць гаспадароў (пазьней князёў і далей — суверэнаў). Гэта дазволіла будаваць зразумелыя і, у даволі значнай меры, прадказальныя па мерках часу адносіны паміж роўнымі — кіраўнікамі протадзяржаў.

Чаму гаворка менавіта Сярэднявечча — Цёмны Час, а не Антычнасьць? Дзяржавы Антычнасьці, як і дзяржавы ранейшых пэрыядаў, значна пераўзыходзілі астатнія протадзяржавы свайго часу (ці, наўпрост, саюзы плямен) па сваім разьвіцьці. Гэта стварала радыкальную няроўнасьць у сыстэме ваенна-палітычнага плянаваньня й выключала саму магчымасьць існаваньня нейкай стабільнай сыстэмы дамоўленасьцяў. Праз гэта адносіны, напрыклад, Рымскай імпэрыі з галамі ці германцамі будаваліся як у пэрыяд пад’ёму Імпэрыіі, так і заняпаду з пазіцыі аднаго актара — Рыма. Плямёны-протадзяржавы маглі дзейнічаць пастолькі, наколькі гэта дазваляў Актар. Калі Актар быў моцны, плямёны маглі адступаць: хутка ці павольна, залежала ад іх магчымасьцяў у пэўны гістарычны момант і вайсковага посьпеху іх лідараў падчас кампаній. Калі Актар стаў слабым — яны маглі наступаць, зноў-такі, наколькі гэта дазвалялі варункі, то бок слабасьць Імпэрыі. Але ні ў першы пэрыяд, ні ў другі яны не паўплывалі на стратэгічныя пэрсьпэктывы, на тое, што можна назваць рухам Часу. Такі ўплыў мелі толькі адносіны Рыма з роўным, то бок Карфагенам. Плямёны маглі быць вайскова моцнымі ці слабымі, але яны заўжды заставаліся ня больш чым гістарычнымі абставінамі.

У гэтым асьпекце мае сэнс паразважаць, наколькі гістарычная агрэсіўнасьць і экспансіянізм германцаў, таго, хто стаў іх нашчадкамі, былі характэрнымі для іх першапачатковай культуры, а наколькі гэта «лепшыя практыкі», якія яны ўтаясомілі праз змаганьне з Актарам — Рымам.

Калі мы бачым прыклады антыэстэтыкі чалавеканянавісьці Лені Рыфеншталь, што гэта? Гэта дайшоўшыя праз стагодзьдзі традыцыі лютых ваяроў вар’ятаў германцаў, якія нападалі на сваіх ворагаў як хвалі стыхіі, ці іх культу чалавечых ахвяр, а мо гэта разьвіццё прынцыпаў і ідэалёгіі цівілізаванага Рыма, зь яго геаметрычна дакладным вайсковым строем, які рухаецца як адзіны арганізм? Ці ня Рым давёў да абсалюту грэцкі прынцып, калі сама дысцыпліна строю вайскоўцаў ператваралася ў важкі фактар перамогі. Ці ня Рым ператварыў у «сьвята» паляваньне на людзей на адмыслова пабудаваных для гэтага стадыёнах?

Пры гэтым ня трэба адмяжоўвацца ад непрыемных гістарычных асацыяцыяў, ускладаючы ўсю віну выключна й толькі на пэрыяд панаваньня нацыянал-сацыялістычнага й фашысцкага (фалангістаў) рухаў у Эўропе. Далёка не ў адзін дзень тыя жудасныя планы былі вынайдзены. У гістарычных нарысах ёсьць цікавыя прыклады ў гэтым кантэксьце.

Так, ва ўспамінах амбасадара ЗША ў Асманскай імпэрыі Генры Моргентау (1913—1916 гады) мы знаходзім апісаньне ідэй, што панавалі сярод найбліжэйшага асяродзьдзя Кайзера. Спадар Моргентаў апісвае асноўныя геапалітычныя й сацыяльна-палітычныя погляды нямецкіх кіруючых эліт праз словы, выказаныя амбасадаром Нямеччыны ў Асманскай імпэрыі баронам фон Вангенхаймам. Вангенхайм быў адным з найбольш набліжаных да Кайзера й значных для выкананьня яго стратэгічных планаў людзей. Ужо тады сьцьвярджалася рашучае імкненьне Нямеччыны да геапалітычнай гегемоніі, выказваліся меркаванньні пра сусьветнае панаваньне, прамаўлялася пра неабходнасьць зацвярджэньня фактычна каставага падзелу ў нямецкім соцыюме на кіруючы клас і падпарадкаваны клас і недапушчэнньне пераходу з другога ў першы, каб захаваць чысьціню першага(5).

Чым гэта важна? Тым, што зьнішчэньне Нацыянал-сацыялістычнай намяцкай працоўнай партыі не вырашыла пытаньне наяўнасьці ў сьвеце чалавеканенавісьніцкай ідэалёгіі. Усе зрабілі выгляд, быццам бы праблема вырашана, але гэта не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Калі б было імкненьне правесьці сапраўдную дэнацыфікацыю Германіі і, выбачайце, Эўропы пасьля Другой сусьветнай вайны, то трэба было б знайсьці й ў голас назваць усе вытокі, прасачыць увесь ланцуг стварэньня той сыстэмы, якая прывяла да спробы зьнішчэньня цэлых народаў і краін. Гэтага не было зроблена. Прычын на тое шмат, аб чым у сваіх працах кажа паважаная спадарыня Ханна Арэнд(6), у тым ліку таму што вытокі ідуць скрозь шматлікія карані эўрапейскай сацыяльна-палітычнай традыцыі. Тое ж пытаньне вынішчэньня гугенотаў у Францыі мела шмат матываў, у тым ліку і этна-нацыянальнага характару.

На практыцы гэта значыць, што нават сярод злачынцаў выключнай катэгорыі, тых, хто арганізоўваў лягеры сьмерці, засталіся пасьля вайны непакараныя.

Лягер сьмерці «Азарычы» быў пабудаваны на пярэднім краю абароны немцаў і павінен быў захаваць іх адыход ад наступаючых савецкіх войскаў. На замерзлых балотах без якіх-небудзь збудаваньняў пад адкрытым небам былі сагнаны людзі за калючы дрот — большай часткай жанчыны, дзеці й старыя. Наўмысна туды зьбіралі хворых на тыф, каб потым хварэлі савецкія вайскоўцы, калі яны вызваляць палонных. Штодзень у лягеры гінула да 100 чалавек. Пад пагрозай мінамётнага абстрэлу лягера й зьнішчэньня насельніцтва савецкія войскі вымушаны былі даць немцам 24 гадзіны гарантыі неперасьледаваньня для адыходу. Было вызвалена больш за 34 тысячы чалавек, амаль 16 тысяч — гэта дзеці да 13 год.

Кварцінмейстар 9-й немецкай арміі палкоўнік Вернер Бодэнштайн — самы актыўны арганізатар гэтага лягеру — пасьля вайны служыў у бундэсферы й атрымаў павышэньне да брыгаднага генерала(7).

Зусім асобна стаіць Трасьцянец, дзе загінулі 546 тыс. чалавек(8). Зьнішчэньне людзей ішло фактычна кругласутачна. Забівалі як толькі маглі —сьпецыяльныя карныя машыны «душагубкі», расстрэлы, голад, паказальныя катаваньні праз раздзіраньне сабакамі перад строем, шыбініцы, печы. Таксама менавіта там рабіліся «футбольныя гульні» палонных.

І праз гэта яшчэ раз узгадаем Рым, яго «гульні» з масавым забойствам тых, хто быў іншай крыві або веры. Зададзім пытанне, непрыемнае, але якое мае права на свае існаваньне: вось Калізей як частка гістарычнага цэнтра Рыма ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны… А гэта дакладна, што яму там месца? Так, мы прызвычаіліся да гэтага й ніхто ня ставіць пытаньне пра гэта, але калі паглядзець Артыкул І «Канвенцыі аб ахове сусьветнай культурнай і прыроднай спадчыны», то там зазначана наступнае:

«У дадзенай Канвенцыі пад «культурнай спадчынай» разумеюцца: помнікі: архітэктурныя помнікі, манументальнай скульптуры і жывапісу <…>, якія маюць выбітную ўніверсальную каштоўнасьць з пункту гледжаньня гісторыі, мастацтва ці навукі <…>»(9).

Зразумела, словы «гісторыі» і «навукі» дазваляе схаваць маральныя хібы гэтай сытуацыі, але пытаньне зараз не ў юрыдычным ці працэсным асьпекце. Фактычна Канвенцыя дазволіла надаць статус помніка й ў значнай меры аб’екта для перайманьня сьпецыяльна спраектаванаму месцу, дзе «цывілізаваны» народ зрабіў сусьветным культурным здабыткам гульні па забойству «нецывілізаваных» людзей для сваёй забавы.

Пытаньне ў тым, што ёсьць Культура й Прагрэс, і як вынік — Цывілізацыя? Чаму мы дазваляем тыражыраваць аднясеньне германцаў да «варвараў» толькі праз тое, што іх дзяржава была на ранейшай ступені разьвіцьця й некаторыя зь іх перад ваеннай сутычкай спажывалі псіхатропы, а тую дзяржаву, якая, так, дала нам шмат прыкладаў выяўленчага мастацва, але яна жа пасяліла хваробу сыстэмнага дэманстратыўнага забойства людзей не ў вайсковых мэтах, а дзеля забавы — вытокам цывілізацыі?

І гэта не дарэмнае пытаньне, бо з пункту эпістэміялягічнага анархізму даволі лёгка будуецца лягічная пасьлядоўнасьць ад Калізея — выбітнай культурнай каштоўнасьцьі — да 628(10) населеных пунктаў Краю, дзе былі забіты ўсе людзі, і лягераў сьмерці «Трасьцянец», «Трэблінка», «Майдэнак», «Асьвенцым» — месцаў, дзе пекла стала сапраўднасьцю для мільёнаў, якіх гаспадары таго часу таксама лічылі не людзьмі, а сябе — утаясамленньнем цывілізацыі.

Такім чынам, мы вяртаемся да першавытокаў эўрапейскага экспансіянізму й той брутальнасьці, што зьведалі скораныя народы, у тым ліку на іншых кантынентах — частка зь іх вынішчана цалкам. Гэта ўсё мае дачыненьне да «гістарычнай» і «культурнай» спадчыны Рыму. Бо канцэнтрацыйны лягер і лягер сьмерці — гэта «здабытак» эўрапейскай цывілізацыі. Сам назоў ідзе ад гішпанскага campos de concentración, куды гішпанцы інтэрнавалі грамадзянскае насельніцтва падчас вайны за незалежнасьць Кубы ў 1895 годзе. Ужо падчас англа-бурскай вайны 1899 — 1902 гадоў гэтыя словы сталі мець злавесны сэнс праз шматлікія ахвяры грамадзянскага бурскага насельніцта, якія былі вынікам вельмі жорсткіх умоў утрыманьня(11).

Йохан Хейзенга, аўтар канцэпцыі гульнявой тэорыі ўзьнікненьня культуры, выказаў грунтоўнае гуманістычнае меркаваньне: «Культура можа лічыцца высокай, калі нават яна не стварыла тэхнікі ці скульптуры, але яе нельга так характарызаваць, калі ёй не хапае міласэрнасьці”(12).

Можна сказаць на гэтыя разважаньні: пры чым гістарычны лёс нацыіі й пытаньні Калізея?

Слушна. Можна на гэтым спыніцца, але не ў выпадку, калі разглядаецца асьпект звышвялікіх хваляў разьвіцьця й геастратэгіі. Патлумачым.

Практыка экспансіі прывяла нямецкую нацыю пасьлядоўна да Першай і Другой сусьветных войнаў. Большасьць навукоўцаў незалежна ад акадэмічнай школы і ідэалягічнай пазіцыі ўпэўнены, што рэальных шанцаў на перамогу ў краін «Берлінскага пакту» не было, гэта паказваецца на падставе рэсурснай, дэмаграфічнай базы, рэальнай эфектыўнасьці й наяўнасьці ўзбраеньняў, хуткасьці мабілізацыйнага разгортваньня эканомікі (напрыклад, савецкая эканоміка нават з улікам эвакуацыі ўжо ў 1942(13) годзе была цалкам пераведзена на ўмовы вайсковага часу, а немцы перайшлі да агульнай мабілізацыі эканомікі толькі пасьля паразы пад Сталінградам(14)), наяўнасьці неабсяжных калоній, якія магчыма было б далучыць да вайны. Такім чынам, лёс краін «восі» ад самага пачатку вайны — безумоўная капітуляцыя.

Зусім па іншаму будзе гучаць гэты акцэнт, калі ўзгадаць не шырока растыражаваны факт — на ўзроўні кіраўніцтва антыгітлераўскай кааліцыі сур’ёзна разглядалася магчымасьць поўнай дэзактывацыі Нямеччыны.

На Тэгеранскай канферэнцыі 28 лістапада — 1 сьнежаня 1943 года Чэрчылем і Рузьвельтам былі разгледжаны варыянты падзелу Нямеччыны на тэрыторыі такім чынам, каб выключыць магчымасьць іх значнага разьвіцьця ў верагодай будучыні.

Рузьвельт бачыў магчымым падзел на 6 аўтаномных тэрыторый — квазідзяржаў:

- значна паменшаная ў памерах Прусія;

- паўночна-заходнія тэрыторыі Нямеччыны, уключна Гановер;

- Саксонія й Лейпцыг;

- Гесен, Дармштад, Кесель, паўднёвы Рэйн;

- Баварыя й Бадэн-Вюртэнберг.

Раён Рура, Саара, Гамбург і зона Кільскага канала адыходзіла б пад кіраўніцтва ААН.

Чэрчыль меркаваў магчымым рэалізаваць іншы варыянт: адзьдзяліць ад Нямеччыны паўднёвыя землі (Баварыю, Бадэн-Вюртэмберг, Палацінат), стварыўшы на іх падставе «Дунайскую канфедэрацыю», і цалкам ізаляваць Прусію, а прамысловы Рур узяць пад свой кантроль(15).

У 1944 годзе зьявіўся радыкальны дадатак да стратэгіі падзелу — «план Маргентау», тагачаснага міністра фінансаў ЗША. План быў папярэдне ўхвалены на другой Квебекскай канферэнцыі кіраўнікамі ЗША й Вялікабрытаніі. Адпаведна зь ім меркавалася фактычна стварыць умовы для рэгрэсіўнага шляху Нямеччыны(16):

- дэцэнтралізацыя банкаўскай сыстэмы, стварэньне 11 банкаўскіх акруг з адасобленымі цэнтральнымі банкамі й забарона іх узаемадзеяньня;

- дэзынтэграцыя адзінай прамысловай сыстэмы;

- дэмантаж абсталяваньня прамысловых прадпрыемстваў;

- забарона зьнешняга гандлю;

- абмежаваньне імпарту, забарона марскога рыбалоўства, забарона вытворчасьці азоту для мінеральных угнаеньняў, ліквідацыя 13 хімічных заводаў;

- вырубка нямецкіх лясоў;

- жорсткая падатковая палітыка.

І гэтыя планы пачалі ажыцьцяўляцца. Падаткі забіралі з эканомікі 58% ад валавага нацыянальнага прадукта, вытворчасьць харчаваньня зьнізілася на 65%. Да двух трэцяў насельніцтва Нямеччыны пастаянна галадала. Спажываньне калорый першапачаткова было ўсталявана на ўзроўні каля 1000 адзінак, пры гэтым былі раёны, дзе фактычна на працягу месяцаў спажываньне было каля 400 калорый. Гэта параўнальна з голадам, які стварылі нямецкія акупанты ў Галандыі, усталяваўшы норму спажываньня на ўзроўні 1394 калорый штодзень(17), за што адказныя нацысцкія кіраўнікі пайшлі потым пад трыбунал.

Гэта вяло Нямеччыну да дэпапуляцыі праз голад і ператварэньне ў шэраг аграрных краін-тэрыторый.

Выкананьне плана Маргентау было спынена з геапалітычных нагодаў і саступіла месца плану Маршала. Але, як мы бачым, усё магло быць па-іншаму.

Цікава адзначыць, што Генры Маргентау(18) (малодшы), аўтар плана дэзактывацыі акупаванай Нямеччыны, прыходзіўся сынам іншаму Генры Маргентау (старэйшаму)(19), якого мы згадвалі раней. Таго самага амбасадара ЗША ў Асманскай імпэрыі падчас Першай сусьветнай вайны, які працаваў супраць выкананьня баронам Вангенхаймам планаў сусьветнай гегемоніі кайзераўскай Нямеччыны.

Але план Маргентау быў ня горшы з варыянтаў, якія так ці інакш уводзіліся ў абмеркаваньне. Ёсьць прыклад спробы ініцыяваць ў амэрыканскім грамадстве дыскусію аб вынішчэньні немцаў як нацыі ў біялягічным сэнсе. Так, малавядомы амэрыканскі прадпрымальнік Тэадор Каўфман напісаў, выдаў і распаўсюдзіў за свае грошы ў 1941 годзе кнігу «Германія павінна сканаць»(20). Аўтар разглядае гісторыю Нямеччыны скрозь стагодзьдзі ад племянных саюзаў і фармулюе высновы, што немцы ёсьць пагроза бясьпекі для іншых краін скрозь усе гістарычныя пэрыяды, а ня толькі ў момант існаваньня гітлераўскай Нямеччыны. Праз гэта ён прапануе прымусовую стэрылізацыю ўсіх немцаў для стварэньня ўмоў для іх поўнага зьнікненьня.

Такім чынам, сутыкненьне з аднаго боку гістарычнай шкалы ў часы архаікі з моцай і перавагай рымскага легіёна, сымбалем і ўвасабленьнем імпэрыі, падштурхнула да перайманьня арганізацыйных захадаў і намаганьняў паўтарыць посьпех у дамінаваньні над канкурэнтамі. Яле чым бліжэй нашчадкі германцаў падыходзілі да гістарычнага посьпеху Рыма, тым верагодней станавіўся іх крах.

Фактычна разгортваньне Халоднай вайны і цуд палітычнага таленту Конрада Адэнаўра выратавалі немцаў ад зьнікненьня з гістарэчнай сцэны самае меншае як прыкметнай нацыянальнай супольнасьці.

Менавіта пра такія ўзаемазьвязаныя працэсы маюць заўжды думаць тыя, хто працуе ў сферы геастратэгіі й праектаваньня сэнсаў. Рашэньні, якія прымаюцца сёньня, хутчэй за ўсе яшчэ будуць мець наступствы праз шматпакаленчы пэрыяд.

На жаль, покуль звышвялікія хвалі разьвіцьця зусім ня вывучаны асьпект, і мы не вядзем аналітычную й прагнастычную працу ў гэтых катэгорыях. Пры гэтым чым больш сьвет глабальны і інтэгравана ўзаемазалежны, тым важней мець глыбокі сыстэмны прагноз па верагодных узаемнапроцілеглых сцэнарыях разьвіцьця.

Калі завяршаць каментар пра сыстэмныя асновы этыкі міждзяржаўных адносін і іх магчымы ўплыў на гістарычную дынаміку, то трэба зазначыць, што Першую гармонію можна таксама лічыць гармоніяй статусаў: фармальна роўныя па сваім статусе значна лягчэй маглі прыйсьці да паразуменьня, чым фармальная розны (кароль і вялікі князь, напрыклад(21)). Важна памятаць, што статус меў не такі прамы эквівалент у магутнасьці ці багацьці. Вялікі князь мог мець болей матэрыяльных і вайсковых магчымасьцяў, чым кароль іншай краіны, але па статусе князь усё роўна стаяў ніжэй і павінен быў штораз сьцьвярджаць свае правы і годнасьць перад каралём. І гэта замінала ў многіх выпадках перамовам і вакананьню дамоўленасьцяў. Каралю парушыць дамову зь вялікі князям было лягчэй, чым з роўным. Кароль заўжды заходзіўся прынцыпова вышэў на лёсвіцы гонара й годнасьці, бо ен успрымаўся непасрэдна набліжаным да бога ў адрозьненьні ад астатніх. Зразумела, гэта не спрыяла паніжэньню колькасьці канфліктаў.

Пры гэтым тут не ідзе гаворка пра справядлівасьць у сучасным разуменьні. Усе бясконцыя «вечныя замірэньні» былі шмат бліжэйшыя па сваіх умовах да пазьнейшых «актаў аб безумоўнай капітуляцыі», калі пераможца атрымоўваў амаль усё й абмяжоўваў свой запыт толькі магчымасьцямі ўтрымаць здабычу.

Дасягненьнем Першай гармоніі ёсьць тое, што ваенна-палітічныя эліты пачалі ня толькі ваяваць, але неяк і дамаўляцца. Хай сабе й малымі крокамі, але пачаўся адыход ад практыкі забіраць / забіваць столькі, колькі здатны. Зьявілася сама магчымасьць перамоваў аб нейкай будучыні па-за выключна вайскавымі дзеяньнямі.

Вяршыняй гэтай практыкі можна лічыць пэрыяд Трыццацігадовай вайны, калі па выніках асабістых, дынастычных і рэлігійных канфліктаў манархаў, памножаных на працэсы барацьбы рэлігійных плыняў сярод насельніцтва Эўропы, распачаўся ланцуг буйных канфліктаў. Пэрыяд зь Вестфальскага міра 1648 года, які падвёў вынікі Трыццацігадовай вайны да Венскага кангрэсу 1814—1815 гадоў па выніках Напалеонаўскіх войнаў (то бок пэрыяд “Канцэрту нацый”) — гэта ўжо час трансфармацыі.

Першым прадвесьнікам грунтоўных зьменаў стаў час рэвалюцый, найбольш вядомая зь якіх — Вялікая французская. Для Краю — гэта Паўстаньне Тадэвуша Касцюшкі й ўхваленьне Канстытуцыі 3 траўня 1793 года.

Гэта момант, калі нацыянальна-гістарычная супольнасьць, сама тэррыторыя пачынае, вобразна кажучы, адкідваць суверэнаў як адзіных і некалі бясспрэчных сваіх сымбаляў і забіраць суверэнітэт сабе — над рэсурсамі, над жыццём і што галоўнае — над Лёсам. Так надышоў галоўны паваротны момант у жыцьці манархій — суверэнам было адмоўлена ў праве вырашаць Лёс. Тыя, хто (як карона Брытаніі ці Японіі) паступіліся гэтым правам самадзержца, — захавалі сабе месца ў гісторыі, іншыя — сышлі.

Так зьяўляецца іншая структура адносін — яна ідзе не ад Гаспадара, а ад нацыі. І гэта прывядзе ў выніку да Другой гармоніі — Гармоніі годнасьці нацый.

Пры гэтым, на жаль, годнасьць нацый стала матывам яшчэ да большай жорсткасьці — генацыдаў. Калі гаспадар змагаўся з гаспадаром, то яго вораг быў персанафікаваны — гэта кіруючы род праціўніка ці нават дакладныя яго прадстаўнікі. Калі нацыя стала змагацца за «годнасьць», то вораг стаў абагуленым з аднаго боку, з другога — татальным: да апошняга.

Застаецца спадзявацца, што далейшая глабалізацыя й рост ўзаемазалежнасьці створаць умовы для наступнай гармоніі, калі, напрыклад, будзе важна мець годнасьць вынікаў разьвіцьця. Цяжкі й супярэчлівы паварот мы бачым у гэтым напрамку з сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Так зварот да правоў чалавека й правоў навакольля, калі патрэбна разьвіццё ўжо не зусім любым коштам, сьведчаць пра гэта. Можна меркаваць, што сапраўды глыбокія зрухі адбудуцца з уваходам у поўною палітіычную й сацыяльна-эканамічную моц пакаленьня Z. Яно скрозь сваё жыццё з разнастайных сродкаў інфармацыі чуе пра роўнасьць, павагу й годнасьць, гуманныя мэты разьвіцьця. Як вынік, гэтыя ідэі насамрэч сталі яго жыццёвымі прынцыпамі й яно гатовае ахвяраваць сваім асабістым камфортам і выгодай дзеля згоды з ідэаламі.

Усё адпаведна класіцы палітычнай прапаганды — калі доўга й сыстэмна праз масавую культуру й інфармацыю тлумачыць ідэю — урэшце ў яе павераць і яна рэалізуецца ў рэчаіснасьці. Зразумела, калі гэты палітычны працэс распачынаўся 50—70 гадоў таму (першыя дыскусіі пра зьмену ідэйна-матывацыйнага падмурку дзяржаўнай і эканамічнай сыстэмы), то ўсе размовы пра роўнасьць былі ня больш як добрай афарбоўкай усё той жа сыстэмы балансу моцы, як што да ўнутранай палітыкі, так і зьнешняй. Але працэс быў запушчаны і колькасьць паступова пачала пераходзіць у якасьць.

Вяртаньне да жыцьця Краю — адно з рэдкіх гістарычных здарэньняў, улічваючы працягласьць і жорсткасьць барацьбы супраць любых праяў нацыянальнай сьвядомасьці тых актараў, што імкнуўся паглынуць і растварыць у сабе цяперашніх беларусаў. Тое, што гэта было менавіта вяртаньне дзяржаўнасьці з такого сусьвету, можна прасачыць па тым, як і аб чым шла гаворка пры абвяшчэньні БНР(22), роўна як і ССРБ, і другім абвяшчэньні БССР.

На першы погляд — што дзіўнага ў гэтым і чаму гэта так важна?

Праз базавыя падручнікі гісторыі ў школе й ва ўніверсітэце, а таксама праз масавую культуру мы прызвычаяліся, што ў палітычнай гісторыі ў нейкі момант наступіў пэрыяд распаду манархічных краін, прынамсі імпэрый, у выніку чаго паўстаў цэлы шэраг новых краін-нацый. Таму мы цалкам натуральным лічым, што народы імпэрый праяўлялі нацыянальна-палітычную сьвядомасьць і выказаліся за той ці іншы варыянт асобнай дзяржаўнасьці.

У адных выпадках было аднаўленьне дзяржаўнасьці, якая пала праз захопніцкія войны (набліжэйшы прыклад — Польшча, якая мела аўтаномію ў складзе Расейскай імпэрыі), у другіх — стварэньне наноў праз разьвіццё этнанацыянальнай сьвядомасьці, напрыклад Фінляндыя. У выніку атрымоўваецца такая спрошчаная дыхатамія: імпэрыя / дзяржава-нацыя, калі не адно, то абавязкова другое.

Зразумела, шлях нацыі больш шматварыянтны і драматычны, і добрых сцэнарыяў там меншая колькасьць.

Што тычыцца Краю (саюзаў плямёнаў, дзяржаў-княстваў, затым Літвы, затым Заходняга Краю, потым Беларускай Народнай і Савецкай Рэспублік і Рэспублікі Беларусь), то Тутэйшыя, па антрапалягічных і археалягічных зьвестках, пражылі бесперапынна на сваёй зямлі ня менш за 100 — 150 пакаленьняў і не спазналі бачных хваляў перасяленьня іншых народаў, якія б засталіся на гэтай тэрыторыі, а не прайшлі гістарычным «транзітам». Пры гэтым былі хвалі культурнага ўзьдзеяньня, прынамсі славянізацыя хутчэй за ўсё была амаль выключна культурным працэсам зь вельмі павольным у часе й не крытычным антрапалягічным узьдзеяньнем.

У тагачасны пэрыяд славянскі культурны ўплыў ня меў і ня мог мець характару геакультурнага фактару. Іншая справа, калі «панславізм» стаўся часткай імперскай ідэалёгіі ў падмарку канцэпту «Масква — трэці Рым», але гэта было больш чым праз тысячагодзьдзе.

Праз гэта тутэйшыя ў гістарычным сэнсе — адзіныя й спрадвечныя гаспадары і не павінны ні з кім дзяліць аніякія правы на Край.

Усе становіцца значна скаданей, калі зьяўляецца фактар геастратэгіі. І менавіта праз яго мы маем пэрыяд Заняпаду, які прывёў фактычна да эсхаталягічнага Неіснаваньня.

250 год этнацыду царызму зь яўнымі элементамі генацыду паверх брудных інтрыг Кароны Польскай, зноў-такі на працягу колькі стагодзьдзяў ва ўзяцьці пад кантроль працэсаў стварэньня нацыі на тэрыторіі Краю праз палітыка-рэлігійныя й дынастычныя махінацыі, якія былі надзвычай эфектыўнымі ва ўмовах Першай гармоніі, зрабілі сваё(23).

Народ з першаё Канстытуцыяй у Эўропе зьнік для рэчаісьнасьці, нібыта схаваўся ад няспыннай бязлітаснасьці Лёсу за прыдуманымі для нас катамі назовам «беларусы»(24).

Народ, які няспынна быў гаспадаром свайго лёсу ад часоў жалезнага века, народ які, зь вялікай верагоднасьцю, быў аднесены Герадотам да неўраў(25), то бок адных з жыхароў Гіпербарэі, стаў імглой у краі лясоў, дрыгвы і азёр. Шмат стагодзьдзяў мы былі й не былі, луналі паміж гадамі й яўлялі спрадвечны дух толькі ў моманты ізлому часу — паўстаньні, рэвалюцыя, сусьветная вайна, Чарнобыль, у моманты апошняга выбару.

Адносна Польшчы можна атаясамляць дзяржаву й этнас, што цяжка зрабіць адносна шматлікіх рускіх арэалаў і імперскай макрадзяржаўнасьці, якая дамінавала над імі значную працягласьць часу й зь дзеямі якой звазана большасьць гістарычнага цяжару, які атаясамляецца з рускімі. Праз гэта вельмі цяжка казаць, у якой меры той імпэрскі гвалт, які спазнаў Край, быў «рускім», асабліва ўлічваючы тое, што імператарская дынастыя амаль не мела кроўнай сувязі зь народамі імперыі.

Шмат у якіх частках рускага арэлу мы маем вялікае метакультурная падабенства з жыхарамі Краю, недзе праз прамую крыўскую архаічную традыцыю, як на Смаленшчыне, Наўгародчыньне, недзе праз пазьнейшыя хвалі перасяленьня й запазычваньне патэрнаў калектыўнага інтэлекту, напрыклад як пры асваеньні Сібіры. Недзе нас не разумеюць аніяк, тая жа Масква.

Тая дыскусія, што ідзе ў грамадстве Краю на працягу як 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя, так і першых двух дзесяцігодзьдзяў ХХІ, паказвае, што мы яшчэ не гатовы скінуць запазычанае аблічча й зноў выйсьці на прастор, на шырокі гістарычны разлог, аднавіўшы правы адзіных, выключных і спрадвечных гаспадароў Краю, забараніўшы суседзям нават глядзець у наш бок з дваістымі думкамі.

Спрэчкі ідуць пра выбар сьцягу (усе варыянты аднолькава штучна створаныя, зь непрынцыповай розьніцай у часе), пра тое, з кім сябраваць і каго называць «братам». Па сутнасьці, гэта спрэчка, чыю «вопратку» покуль трэба шчэ панасіць. Мы ўсе яшчэ апраўдана баімся паўтарэньня перажытага продкамі гвалту. Гэта псіхалягічныя наступствы Заняпаду. Мы ўжо бачым, што сілы адноўлены, але покуль не выбярэм момант, калі пачаць быць вольнымі — ад абавязкаў, якіх няма.

Беларусы нікому нічога не павінны, у нас няма не «закрытых рахункаў» у гісторыі, акрамя аднаго перад сабой — стаць вольнымі ад ценяў мінулага.

А што жа нас стрымлівае?

Мяркую, страх зноў быць моцнымі. Бо калі ты моцны, то першая мішэнь для супернікаў, якія ёсьць заўжды.

Фактычна, ліцьвіны-русіны не саступілі нікому ад першых гістарычна вядомых князёў да падзелаў краіны ў ХVIII стагодзьдзі. Нікому. Тысячагодзьдзе. Ніхто не меўся быць гаспадаром па-над намі. Псеўдагістарычная Кіеўская Русь (сыстэма стасункаў зь некаторай каардынацыяй паміж протадзяржавамі) сытуацыі не мяняе, як і пэўнае чаргаваньне радоў за гаспадрачым сталом ў шэрагу протадзяржаў, што было натуральным этапам фармаваньня кіруючых сыстэм у раньнім Сярэднявеччы.

Не прывялі фактычна да посьпеху спробы палякаў падманам атрымаць краіну праз маніпуляцыі з верай. Гэта сталася доўгім унутраным выпрабаваньнем, прывяло да шэрагу унутраных і зьнешніх канфрантацый, спатрабавала вялікіх намаганьняў. Але, як бачыцца, з гістарычнай персьпектывы такі пэрыяд быў непазбежны праз тыя ці іншыя абставіны. Край трываў доўга. Нават вайна 1654 — 1667 гадоў не змяніла гэтага: страты былі жудасныя, але ў выніку цэнтральныя землі Краю засталіся пад кантролем ліцьвінаў-русінаў і эндэмічнае поле не было парушана. Сапраўдная параза — гэта Падзелы.

І падзелаў шмат больш, чым першыя тры: зразумела, і Брэст-Літоўскі мір (чацвёрты)(26), Рыжскі мір (пяты)(27), і ўсталяваньне межаў пасьля Другой сусьветнай (падарунак Польшчы за лагоднасьць Беласточчыны(28), Летуве — Вільні(29); гэта — шосты).

У гэтым сэнсе ня толькі зразумела, што жыхары Краю імкнуцца быць «не на вачах» і працягваюць мімыкрыраваць, каб выжыць насуперак усяму.

Прыгледзьцеся, што прамаўляюць як афіцыйныя ўлады, так і іх палітычныя праціўнікі — яны абгрунтоўваюць «вечнае сяброўства» з адным з суседзяў ці палітычных цэнтраў — гэта ўсё тое ж імкненьне «схавацца», каб не сутыкнуцца зноў з агрэсіяй, спроба адразу сказаць: мы не маем намеру на значную ролю. Але гэта не атрымаецца, бо Край стаіць вельмі зручна на стратэгічным калідоры паміж часткамі сьвету. І покуль людзі жывуць на паверхні зямлі, прынцыпова нічого не зьменіцца. Мы будзем у месцы тэктанічнага сутыкненьня — толькі не літасферных плітаў, як то Японія, а — геапалітычных. Вынік прыблізна такі ж — трасе увесь час.

Праз гэта й спрэчка пра сьцяг — зьвярніце ўвагу, што пра бела-чырвона-белы сьцяг значна больш кажуць, чым пра Пагоню. А справа ў тым, што гэты сьцяг гістарычна не абавязвае а да нічога…. Ён узьнік як сымбаль адной з плыняў у грамадстве ў рэвалюцыйныя гады(30) ў час барацьбы за вяртаньне дзяржаўнасьці. Гэта першапачаткова сымбаль палітычнай пазіцыі, адной з нацыянальна арыентаваных, але не адзінай. Таму гэта не гістарычны запавет. Тая плынь зрабіла добрую па мерках часу спробу нацыянальнага адраджэньня -- абвясьціла Беларускую Народную Рэспубліку, заявіла абгрунтаваныя этна-нацыянальныя межы Краю, але посьпех у рэшце рэшт спрыяў ня ім. Праз цяжкі й супярэчлівы шлях большага посьпеху, не абсалютнага, а проста большага, дабілася іншая плыня. Гэта наўпрост гістарычная дадзенасьць.

Затым у гісторыі сьцяга ідзе вельмі жудасны пэрыяд абсалютнай нацыянальнай здрады падчас Вялікай Айчыннай вайны. І гэта таксама гістарычная дадзенасьць.

У 80-я й 90-я гады ХХ стагодзьдзя бела-чырвона-белы сьцяг скарастоўваўся найперш у логіцы адзьдзяленьня ад савецкага, супрацьпастаўленьня заяўленага асабіста-нацыянальнага калектыўна-інтэрнацыянальнаму. Пры гэтым новая палітычная плынь была як ідэйна, так і функцыянальна не падрыхтавана да нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. Мела вельмі размыты і выбарачны гістарычны падыход, які вёў да ідэалягічных забабонаў не меншых, чым у межах марксізму-ленінізму, і не спрыяла кансалідацыі на новым падмурку нацыі. Гэта прывяло да таго, што асноўная барацьба фактычна была не за нацыянальнае будаўніцтва, а за перахоп рэсурснага кіраваньня па-над выглядам барацьбы за нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне. Адсюль такі доўгі й трывалы падзел на «свой — чужы» і адсутнасьць захадаў на прымірэньне з абодвух бакоў канфлікту. Гэта сытуацыя з нулявой сумай — перамога аднаго боку абавязкова значыць паразу іншага, пры гэтым фатальную, і кожны бок менавіта так і разглядае сытуацыю — барацьба не за яднаньне, а супраць адзін аднаго. То бок мы маем на працягу значнай часткі найноўшай гісторыі Краю замаруджаны, у некаторыя пэрыяды ускосны, грамадзянскі канфлікт на выбыццё.

Асноўныя асабістасьці быццвм бы нацыянальнага руху, якія захаваліся і да чарговай спробы перахапіць уладу ў 2020 годзе:

1. Адсутнасьць эканамічнай павесткі. Усё зводзілася да вельмі абстрактнай і адначасова татальнай прыватызацыі. Пад гэта не было зроблена ні вывучэньня патэнцыяльнага попыту інвестараў, ні аналізу існуючых стасункаў кааперацыі й ланцугоў стварэньня вартасьці, ні планаў па разгортваньні інфраструктуры фінансавай падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасьці й перападрыхтоўкі кадраў. Эканамічныя рэформы былі ў выглядзе клясічнага панславянскага вобразу — «Авось!». Нават не ставілася пытаньне пра тое, адкуль прыйдуць асноўныя капіталы — яны жа павінны былі сфармавацца празь нейкі механізм, і гэта дакладна не прыватызацыйныя чэкі. Апошнія выступалі як механізм уліку ўкладу працаўніка ў будучы акцыянерны капітал, а яшчэ былі патрэбны сродкі на разьвіццё, пра гэта неяк забыліся.

2. Даволі агрэсіўная сацыяльная павестка, фактычна пабудаваная вакол антыкамуністычных захадаў па ратацыі прадстаўнікоў адміністарцый усіх узроўняў савецкага фармаваньня на новыя, з галоўным чыньнікам — каб іх прадстаўнікі не мелі агульнага з папярэдняй сыстэмай. Пры гэтым зноў ігнаравалася рэчаіснасьць — адкуль узяць новы камплект сьпецыялістаў, якія маюць вопыт кіраваньня і не зьвязаныя пры гэтым з камуністычнай сыстэмай.

3. Моўная палітыка мела слушныя моманты ў асьпекце пашырэньня скарыстаньня й разьвіцьця дзяржаўнага статусу беларускай мовы, але зноў жа была абстрактнай, што да пасьлядоўнасьці рэалізацыі й тэрмінаў. Пры гэтым мова адразу была пастаўлена ў ролю аднаго зь інструментаў унутранай барацьбы і перахопу ўлады, падзелу грамадства.

4. Зьнешняя й абарончая палітыка мела ідэалістычны асабістацэнтрысцкі падыход: меркавалася, што ўвесь сьвет будзе шчыра дапамагаць і імкнуцца да стварэньня найлепшых умоў разьвіцьця для Беларусі пачынаючы ад ідэі Балта-Чарнаморскага саюза да калектыўнага забесьпячэньня бясьпекі нашай краіны пры яе нейтральным статусе (Будапешскі мемарандум). Пры гэтым самі ідэі, што Балта-Чарнаморскага саюза й Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, што канцэпцыя нейтралітэту для свайго часу выглядалі канструктыўнымі й прагрэсіўнымі й здольны былі спрыяць разьвіцьцю краіны. Складанасьць была ў іх прынцыповай малаверагоднасьці, бо Real Politique — гэта тое, што існуе па-за наіўнымі летуценьнямі.

5. Ідэалёгія грунтавалася вакол мовы, раскрыцьця часткі гістарычнай праўды пра ахвяры рэпрэсій савецкага часу й адначасова мела шмат ганебнага ў адносінах да шчырых беларусаў, якія адбудавалі сучасную краіну й праз тагачасныя абставіны былі амаль суцэльна членамі камуністычнай партыі.

Склалася незвычайная сытуацыя. З адного боку, канфлікт амаль на ўсіх этапах быў кантралюемым афіцыйнай часткай дзяржаўнай сыстэмы, мабыць, выключэньні -- пэрыяд спробы імпічмэнту Лукашэнкі ў 1996 годзе й жнівеньскі крызіс 2020 года адразу пасьля прэзідэнцкіх выбараў. З другога — бакі ня йдуць насустрач адзін аднаму, не шукаюць варыянту ўзаемавыгаднай кааперацыі, накшталт той, што, напрыклад, адбылася ў Расеі паміж традыцыйна левымі (КПРФ, Працоўная Расея) і афіцыйнымі дзяржаўнікамі.

У Беларусі працягваецца стратэгічна бессэнсоўная барацьба фармальных правых лібералаў за ўсё болей абстрактны разрыў з гістарычнай спадчынай савецкага часу, якая маўляў і 30 гадоў апасьля перашкаджае разьвіцьцю, без прапановы якой-небудзь зразумелай павесткі разьвіцьця апасьля гэтага сакральнага разрыву й кансэрватараў-дзяржаўнікаў. Другія па традыцыі, як яны яе увасобілі й пранесьлі праз часы Перабудовы і распаду, робяць штодзённую працу разьвіцьця тут і зараз і таксама насамрэч не маюць адзінага, вялікага плану разьвіцьця. Пры гэтым у апошнім выпадку мы маем своеасаблівы самарэалізаваны варыянт амэрыканскай стратэгіі «прадвызначэньне праз невызначанасьць». Мабыць, не самы горшы варыянт, але ж пажадана мець комплекснае бачаньне, куды трэба прыйсьці ў стратэгічнай персьпектыве пакаленчай глыбіні, то бок праз 25—50 гадоў.

Шчэ адзін важкі й цікавы момант — адсутнасьць аформленай грамадскай плыні з нацыяналістычнымі поглядамі й патрабаваньнямі, якія б вымушалі дзяржаўную сыстэму быць больш жорсткімі й наступовымі ў адносінах да зьнешніх партнёраў. Ідэі правага крыла, увасобленага Беларускім народным фронтам і суполкамі каля яго, нельга лічыць нацыяналістычнымі ці права-кансэрватыўнымі па сваёй сутнасьці, пры тым што кіруючыя ўлады называюць іх гэткімі. Гэта добра бачна па сытуацыі, калі БНФ не падтрымаў ідэі афіцыйнага падняцьця пытаньня перад Летувой аб вяртаньні Віленскага краю ў момант выхаду Літоўскай ССР з Савецкага Саюза. Мэтай такого рашэньня был агульнаантыкамуністычная салідарнасьць: БНФ не пажадаў паставіць пад рызыку ўплыў у Летуве руху «Саюдзіс» і лёгка ахвяраваў нацыянальнымі інтарасамі беларусаў. Тое ж самае можна казаць адносна Польшчы і Беласточчыны — аніякіх пытаньняў да Польшчы і моўчкі згода на далейшае зацвярджэньне акупацыі этнічных земляў беларусаў і паўзучы этнацыд праз апалячваньне. Пры гэтым распачыналася дыскусія адносна часткі Смаленшчыны і вяртаньня яе да Беларусі. З гістарычнага погляду найменш важкіх са страчаных тэрыторыяў.

Такім чынам, БНФ і тая ж «Народная грамада» — гэта антыкамуністы і антырасейцы інтэрнацыяналісты па сваіх найпершых перакананьнях і толькі потым прадстаўнікі ў нейкай вельмі непасьлядоўнай частцы ліберальна-адраджэнскай плыні. Пра дзяржаўны і нацыятворчы нацыяналізм адносна дадзеных партыяў казаць не выпадае. Яго там няма.

Сапраўднаму патрыёту й нацыяналісту ня так важна, як будзе дасягнуты посьпех нацыі — праз саюз з Захадам, Усходам, ці далёкім Усходам, роўна як і ці гэта будзе саюз з заяўленымі дэмакратамі, ці камуністамі. Глаўнае — паляпшэньне стану нацыі. Тут гэта не прасочваецца. Сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы лёгка здаваліся — а насамрэч здраджваліся — дзеля сапраўднай мэты — нейкага варыянту гістарычнай помсты, палітычна-ідэйнага рэваншуў адносінах Расеі.

Такім чынам, супрацьстаяньне фармацыі, якую ў 90-ые вынікова ўзначаліў Лукашэнка, і ейных супраціўнікаў пад лідарствам БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» — гэта барацьба за гістарычы рэванш адносна «камуністаў-расейцаў». Таксама ставілася мэта механічнай і цалкам ідэалягічна матываванай зьмены элітарных груповак. Праз гэта й вытокі ўсёй сацыяльнай, ідэалягічнай і міжнароднай мітусьні на пачатку існаваньня Рэспублікі Беларусь — праз адсутнасьць фокусу на разьвіцьці й засяроджваньні ўвагі выключна на гістарычна-палітычным рэваншы любым коштам.

Гэткая інтарнацыянальная традыцыя захоўваеецца й надалей у 2000-х. Антысаветызм спалучаецца з геапалітычным русафобствам. Пры гэтым дзейнасьць тых, хто фармальна заняў правы фланг, не вядзе да фармаваньня сапраўднага беларускага вектару, пры якім інтарэсы нацыі — найперш. Адсюль так лёгка й ахвотна саманазваныя «патрыёты» ідуць на стымуляваньне санкцыяў супраць сваёй нацыі (!), бо галоўнае не пабудова посьпеху для беларусаў (ліцьвінаў-русінаў, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), а шкода свайму гістарычнаму ворагу — Расеі. Такім чынам, яны не нацыянальна-адраджэнцы і тым больш не нацыяналісты, а інтэрнацыяналісты-антырасейцы.

Чарговы раз гэта пацверджана падчас палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе. Змаганьне ідзе зноў супраць, а не за. Супраць асабіста Лукашэнкі, які для кансалідацыі ягоных праціўнікаў называецца й савецкім, і расейскім, і фашыстам. Але апазіцыя так і не здолела сфармуляваць за чвэрць стагоддзя, то бок пакаленьне, ні новай нацыянальнай ідэі, ні канцэптуальнай платформы разьвіцьця, ні нават праграмы дзейнасьці ў момант сыходу з пазіцыі кіраўніка дзяржавы Лукашэнкі. Зноў мы бачым толькі сымбалізм (найперш і ў асноўным сьцяг) дзеля абазначэньня падзелу на «свой — чужы». Усё сканцантравана на перахопе ўлады дзеля самога перахопу ўлады і, зноў-такі, помсты. Пра нацыянальнае разьвіццё няма аніводнага асэнсаванага слова.

Такім чынам, адбылося паўтарэньне сытуацыі пачатку 90-х, толькі зь яшчэ больш кволай ідэалягічнай абгрунтаванасьцю й зусім дрэнным забесьпячэньнем кадрамі для патэнцыяльнага прыняцьця ўладных паўнамоцтваў з боку прэтэндэнтаў на заняцьце ролі кіруючай групоўкі. Таму й бела-чырвона-белы сьцяг так важны для апазіцыі ўсіх хваляў і так рэдка ўзгадваецца сапраўдная традыцыя — Пагоня. Насамрэч Пагоню далучаюць на сьцяг выключна да таго, каб надаць яму нейкай пазітыўнай напоўненасьці, якой ён аб’ектыўна ня мае.

І гэта зразумела.

Пагоня шмат да чаго абавязвае, гэта фактычна й па сваёй гістарычнай сутнасьці клятва.

Пад Пагоняй кожны мусіць быць гаспадаром свайго лёсу, несьці поўную й выключную асабістую адказнасьць за ўсе вынікі. Гэта тычыцца як кожнага грамадзяніна, так і грамадства ўвогуле — нельга быць малодшым братам/ сястрой да іншай нацыі ці краіны, нельга перакладваць свае няўдачы на другі бок.

Пагоня — гэта павага да традыцыі, зразумела, як сівой даўніны, так і савецкага пэрыяду — усё гэта наш Лёс, наш Шлях, наш Край.

Пагоня — гэта прынцыповая й не маючая межаў адданасьць Краю й яго жыхарам, а не асабістым амбіцыям і карысным памкненьням.

Калі зноў паставіць сымбалем дзяржавы вершніка, які не спыняецца, покуль не выб'е ворага за межы Краю, то трэба наперад уголас сказаць: «Я — ліцьвін-русін, якой бы веры ні быў і на якой бы мове ні гаманіў». І трэба таксама прызнаць, што «ліцьвін» ідзе ад «люты», а не «лагодны» і «талерантны». І тады адбудзецца вяртаньне да рэспублікі не прэзідэнцкай, ці парламенцкай, а ваярскай, то бок вольных і годных грамадзянаў.

У сучасным тлумачэньні можна гэта разумець як палітычны рэжым на ўльтра лібіральных прынцыпах, пры якім статус поўнавартаснага грамадзяніна атрымоўваецца не праз нараджэньне, а па праве годнага статусу й грамадзянскіх дасягненьняў. То бок трэба дапускаць магчымасьць увядзеньня, напрыклад, выбарчых цэнзаў, не па нацыянальна-этнічных прыкметах, а, напрыклад, па індэксе сацыяльна-грамадскіх вынікаў.

Гэта таксама радыкальны паварот да індывідуалізму накшталт таго, што мы бачым у Паўночнай Амэрыцы — працуй і вырашай свае пытаньні сам, калі ня можаш — шкада, але ніхто не павінен імі займацца за цябе. Гэта значыць, што грамадству прыйдзецца забыць пра сацыялістычнае «дайце мне, бо мне патрэбна».

Лібералізм і індывідуалізм ідуць поруч і ўзаемна кампенсуюць адзін аднаго і ствараюць сыстэмы ўзаемных абавязкаў «асоба — грамадства — дзяржава».

Гэта ведзе не толькі да абароны ад умяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадзян, пра што кажуць быццам бы лібералы, але й да таго, што дзяржава павінная прымусіць да выканьня правілаў адпаведна грамадскай дамове ў момант яе парушэньня любымі наяўнымі сродкамі. Напрыклад, калі хтосьці сеў за руль п’яны ці іншым сур’ёзным чынам парушыў правілы руху, то дзяржава («начны вартаўнік») павінна як хутчэй яго спыніць, і няважна, наколькі жорстка гэта будзе зроблена. Свабодны выбар асобы парушыць правілы (якія былі агучаны загадзя) вядзе да абавязковага адказу «вартаўніка». У гэтай логіцы непазбежнасьць і хуткасьць кампенсуючага адказу для вяртаньня да агульнага выканьня правілаў зашмат больш важна наступстваў, якія спаткаюць парушальніка. Абвастраючы акцэнт: жывы ён у выніку сытуацыі ці не — зусім не першаснае пытаньне.

Зразумела, тады і дзяржаўныя службоўцы не павінны мець імунітэтаў, як і не павінна быць тэрміну даўніны на значныя злачынствы. Адсюль амаль аўтаматычна ідзе захаваньне сьмяротнага пакараньня і распаўсюджваньне яго выкарыстаньня на злачынства супраць дзяцінства. Надалей ужо ідзе непахісная абарона інтэлектуальнай маёмасьці, свабода палітычных меркаваньняў і сумленьня, і адразу недапушчальнасьць падрыўной дзейнасьці супраць грамадства й дзяржавы. І тады стане сапраўды магчымай недатыкальнасьць асобы, маёмасьці, правоў — праз непазбежнасьць пакараньня. Менавіта пакараньня, а не перавыхаваньня. Ваярская рэспубліка не займаецца перавыхаваньнем злачынцаў, яна іх ліквідуе аптымальна хуткім шляхам.

Думаю, што абсалютная большасьць тых, хто адносіць сабе да лібералаў нацыяналістаў-патрыётаў, у наш час не гатова прымаць сыстэму шчырых правілаў. Савецкі менталітэт захаваўся менавіта ў гэтым: як свабоды, дык мае, а як абавязкі — дык калектыўныя. Таму й маўчаць як часцей пра Пагоню, бо яна вельмі яскрава пытае: а ці гатовы ты да яе вяртнаньня?

У ваяра ёсьць адзін закон — яго годнасьць і сумленьне. Тыя, хто ішлі ў харунжах Княстсва, мелі розную веру й розную мову, але ў іх была адна Радзіма й адзіныя патрабаваньні да сабе — адзіна высокія.

І так яны ніколі не саступалі, проста ніколі.

Адпаведна й у міждзяржаўнай палітыцы трэба стаць больш дарослым. Калі вярнуцца да сапраўднага гістарычнага сымбалю — архетыпу, прыйдзецца забыцца на простыя варыянты накшталт «Эўропа / Расея / ЗША дапаможа». Больш так нельга будзе — кожнае рашэньне будзе толькі нашым асабістым выбарам з як добрымі, так і складанымі наступствамі. Мы нікому нічога не павінны, акрамя сябе, й нам таксама ніхто нічога не павінен.

У нейкім сэнсе паставіць Пагоню на дзяржаўныя будынкі ёсьць акт абсалютнага суверэнітэту й нейтралітэту. Пагоню ў першапачатковай выяве — з Калюмнамі.

Суверэнітэт — мы размаўляем з усімі, а слухаем толькі сабе. Нейтралітэт — мы нікому нічога не павінны, ніхто нічога нам не павінен.

Пры гэтым суверэнітэт не значыць лёгкасьць і павольнасьць. Хутчэй наадварот — сканцэнтраванасьць і гатоўнасьць да любых абставін. На практыцы, той жа агульны вайсковы абавязак, як у Аўстрыі ці Швайцарыі, бо як што — адны супраць усіх.

Такім чынам, выбар Гербу — гэты выбар стратэгічнага шляху й верагоднага лёсу, але, якім ён будзе, загадзя зразумець нельга. 

© Sergey Lomov,
книга «Крылы гісторыі».
Коментарі