Кава, пчолы і фіялетавы злачынец
Справа ў ліхтарах
Частка пра цуды
Як жа складана ў космасе злавіць спадарожку
Звычайна ўсе крамы на выхадзе
Хто такая гэтая Флуфія
Яшчэ адзін спадарожнік
Менавіта тут упаў касмалёт
Уласныя прыгоды малога
Аматар цукерак
Тэатр аднаго сьпяктакля
Вялікае расчараванне
Непакорлівая вышыня
Вось і давярай пасьля гэтага дрэвам
Іваніцька і Фраккуля
Першы кантакт
Дзень Дажджу
На развітанне
Быццам і не зьнікаў
Запрашэнне на працу
Як жа складана ў космасе злавіць спадарожку
Лупта-лупта - планета для шчасьця!
Ня верыце? Пераканайцеся самі!
Найчысьцейшае паветра ў галактыцы, самы ўтульны клімат. Вы забудзеце аб турботах! Імі займуцца нашыя калегі, набраныя выключна з мясковых жыхароў, каб не псаваць вам асалоду ад тых фанастычных відаў, якія сустрэнуць вас на планеце Лупта-лупта. Менавіта вам мы пакінем усяго адну працу - дышаць!
Пры-ля-тай-це на Луп-таа-луп-таа!
Апошняя фраза прагучала вельмі зацяжна, з інтанацыяй, вымаўляючы кожны гук, а потым запіс раптоўна паскорыўся да таго, што Зьмітруковы вушы лавілі толькі ўрыўкі асобных слоў:
"Ува(га)! (Паве)тра (Л)упта-(л)упта (вы)кліка(е) цяж(кую) (зале)жна(сць), (ва)р'яцтв(а), (пак)утніц(кую) сьмер(ць). (Кам)пані(я не ня)се адказ(насьці) за ваш(а) (жы)цьцё і п(сі)хічна(е) (з)даро(ўе). Пер(ад) (пры)мянень(нем) п(ав)етра, падума(йце) (д)асканаль(на)!"
Пасьля ізноў са звычайнай хуткасьцю:
- Спонсар паказа карпарацыя "Потныя пазногці".
Зьмітрок сядзеў у зале чаканьня, дзе круцілі міжгалактычнае тэлебачаньне, пакуль Амар вырашаў патаньні наконт свайго карабля ў галоўнага інсьпектара.
- Зьміцер з Карпілаўкі! - прагучала ў памяшканьні.
Хлопчык падыйшоў да вакенца ў сьцяне. За шклом сядзела шэрая васьміногападобная істота. Адной са сваіх мацак яна паказвала на суседняе вакенца, а другой на надпіс "гэта акварыўм, а не галоўны інсьпектар". Праўда надпіс быў на агульнагалактычнай мове, а Зьміцер чытаў толькі па-беларуску. 
Васьміногападобная ж істота вырашыла, што хлопчык усё зразумеў, бо ён адразу пайшоў, куды яна і паказвала.
- Ваша імя? - спыталі з-за шкла.
- Зьміцер Вандроўка, - адказаў хлопчык.
- Вы заявілі аб крадзяжы Вас і вашых пчол Ніпальцам Амарам Тызатарсі. Гэта так?
- Ну... ён краў пчол, а мяне ня краў...
- Як гэта, ня краў?! Вы ж тут!
- Мяне ўкраў...
- Значыць украў!
- Не!
- Як гэта не, калі так? Вы хоць ведаеце, якое пакараньне за лжэсьведчаньне?
- Дайце мне сказаць! - крыкнуў хлопчык.
- А вось хаміць мне тут ня трэба. Во дзе грубіян нявыхаваны! Пойдзеш у мяне па артыкуле 27.ЛІМОН! - пагражаў галоўны інспектар, потым зрабіў паўзу, каб хлопчык пачаў выбачацца і прасіць не заводзіць на яго справу па артыкуле "Кепскае выхаванне". Хлопчык канешне скарыстаўся момантам, але не для выбачэння. Ён патлумачыў, што менавіта яго выкраў не Амар, а іх паліцэйскі, такі тоўсты, што і на ногі стаць ня здужае, таму й ня злазіць са свайго крэсла.
- Па-першае, сярод перламубрабахційцаў спадар Метнік лічыцца трасьціначкай, а  па-другое, ён даставіў вас на даследванне, а не выкраў, - інспектар зрабіў чарговую паўзу. Пасьля працягнуў:
- Добра, з Вамі зразумела, Зьміцер Вандроўка. А з пчоламі што? Пчол наш патрульны ня краў, а Ваш сябар, па Вашых жа словах, краў!
- Амар не краў пчол...
- Толькі што краў, - успыхнуў інспектар, - а зараз, не краў?!
- Ну, я думаў, што ён крадзе...
- А што ён тады рабіў?!
- Кра-пі-ву дас-лед-ваў, - адказаў хлопчык.
- А пчолы яму навошта? Ці Вы мо скажыце, што пры ім не знайшлі аніякіх пчол?
- Міг-ра-цый-ныя па-слу-гі...
- Што там ў Вашай руцэ?
- Нічога! - хутка адказаў Зьмітрок, пальцам другой рукі выціраючы надпіс на далоні.
Падыйшоў Амар. Ён хадзіў даведвацца, як забраць свой карабль са штрафной стаянкі, якая знаходзілася на другім канцы квадранта.
- Каму ён выконваў міграцыйныя паслугі? - удакладняў інспектар.
- Адразу пчолам, дагавор заключаны ў вуснай форме. А такжа спадару Зьміцеру, - адказаў Фіялетавы.
- Ня з Вамі размаўляю! - гыркнуў на Амара, - А чаму той раз Вы заяўлялі, нібыта Ніпалец злодзей?
- Не, Вы, паважаны галоўны інспектар, будзеце размаўляць менавіта са мной, бо я зараз кажу ад імя спадара Зьміцера Вандроўкі, бо з нядаўняга часу зьяўляюся яго афіцвйным прадстаўніком.  Дамрва заключана ў вуснай форме. Ці Вы не паважаеце Дагавор АбЗах?
- Я адказ на пытаньне чакаю! - буркнуў інсьпектар.
- Спадар Зьміцер спужаўся, і не бачачы ўсёй карціны, зрабіў памылковыя вынікі, якія і агучыў паважанаму патрульнаму. Зараз жа мой кліент валодае ўсёй інфармацыяй аб тым здарэньні, таму аніякіх прэтэнзій да мяне ня мае.
- Вы сказалі, што выконваеце міграцыйныя паслугі спадару Зьміцеру?
- Так, - адказаў Амар.
- Гэта немагчыма. Жыхары планет трэцяга і ніжэй ўзроўняў, ня маюць права на пераезд. Таму,  - зьвярнуўся ўжо да самаго хлопчыка, - Вас пачысцяць і адправяць дадому!
- Вядома, што нельга, - згадзіўся фіялетавы, - Аднак ёсць адзін маленькі момант. Часовае галактычнае грамадзянства дае права на пераезд па ўсей галактыцы.
- У яго няма...
- Кожны разумны жыхар галактыкі можа атрымаць часовае грамадзянства, калі пакіне заяўку на галактычнай біржы працы!
- Ах вы махляры! Я вас абодвух у Соты адпраўлю! - усклікнуў галоўны інспектар па 72-му квадранту, - пакуль заяўкі няма, няма і грамадзянства! А значыць, Зміцер з Карпілаўкі - незарэгістраваная асоба!
- На тэрыторыі адьдзялення ў яго ёсьць дзве гадзіны, каб зарэгістравацца!
- Ха! З моманту прыбыцця! - прасіпеў інспектар, - Таму ў вас засталося шэсць з паловай хвілін! - і зарагатаў.
Амар схапіў хлопчыка і пабег у бок біржы працы.
- Пасьпяшайцеся! - крычаў інспектар ім услед.
- Я не хачу на працу, я хачу дадому-у-у....
- Не хвалюйся, - працягваў бегчы Амар, - там такая вялікая чарга на працу, што да цябе яна дойдзе гадоў праз сто, ці дзвесьце. Ну а пачысціць цябе яны ўжо ня будуць мець права, бо ты атрымаеш галактычнае грамадзянства, хочь і часовае.
Зьміцер,  канешне, нічога не зразумеў, ён сумаваў па сваяках, па хаце, па сабаку, і нават па школе.
Прыбеглі. Чаргі  ня было.  Пашанцавала? Не! Тут нікоші няма чаргі. Бо праца, якую тут прапануюць - нізказаробная і бясперспектыўная. І пры гэтым,  чарга на саму працу вельмі вялікая.
- Падыйдзі да вакна і скажы, што жадаеш пакінуць заяўку.
Хлопчык падыйшоў.
- Я жадаю пакінуць заяўку, - ціха вымавіў ён у сьцяну, бо вакенца пачыналася сантыметраў на сем вышэй зьмітруковай макушкі.
- Чытаць-пісаць умееце? - пацікавіўся голас з вакенца.
- Канешне, - з гонарам адказаў хлопчык. Першым у класе менавіта яго навучылі чытаць.
З вакенца зьявілася тоўстая рука з лістом паперы:
- Запоўніць і вярнуць мне! - загадаў голас.
Зьміцер узяў аркуш і пайшоў да Амара.
- Хуценька запаўняй, у нас засталося няпоўных дзве хвіліны!
- Я не разумею, што тут напісана, - разгублена прашыптаў хлопчык.
- Ты ж уме... Ааа! - зразумеў фіялетавы і прысеў за зміцеравай спіной. Узяў руку, у якой хлопчык трымаў аловак і пачаў запаўняць пустыя палі, водзячы па ім рукой Змітрука.
Па дагавору АбЗах кожны жыхар галактыкі можа мець афіцыйнага прадстаўніка сваіх інтарэсаў. Звычайна, больш сьвядомага, ці больш нахабнага. Амар жа адпавядаў абодвум умовам. Аднак, запаўненьне дакумэнтаў - справа асабістая, таму аніякі прадстаўнік ня меў права нават дакранацца гэтых папер. Фармальна, Амар, які зьмітруковай рукой запаўняў рэзюмэ, не парушаў аніякіх правілаў.
- Поўнае Імя?
- Вандроўка Зьміцер ...
Запісалі.
- Адрас будучага пражываньня? Дзе жыць будзеш? - удакладніў Амар.
- У Карпілаўцы, - адказаў хлопчык.
Напісалі.
- Найлепшыя якасьці?
- Што?
Нешта напісалі.
- Кім бачыце сябе празь пяць гадоў?.. Глупае пытаньне, - прамармытаў Амар.
Гэтак і напісаў.
- На якую працу спадзяецеся?
- Ну...
- На лю-бу-ю.
Напісаў.
Амар аддаў Зьмітруку ліст і адправіў да вакенца. У іх засталося 34 секунды. Фіялетавы падыйшоў адразу за хлопчыкам. Вёў зваротны адлік. У вакне прынялі зьмітрукову заяўку. Чытаюць.
Засталося 26 секунд.
- Хутчэй, хутчэй, хутчэй! - шыптаў Ніпалец.
Туччая мармылянка нясьпешна перадала аркуш у сьпецыяльны апарат.
Засталося 19 секунд.
Машына пачала апрацоўваць заяўку.
14 секунд.
Апрацавала! Прагучаў ухвальны сігнал.
Дзевяць.
З вакна вылезла тоўстая рука з кароткімі пальцамі. Яна трымала падобную да сканера штрых-кадоў прыладу. Рука накіравала сканер на Зьміцера.
Чатыры.
- Пііі!
- Ваша ўаяўка прынята, - прагучала пасьля сігнала.
- Нарэшце! - усклікнуў Амар, - ну а зараз за караблём! - крыху пачакаўшы, фіялетавы дадаў:
- Праўда да яго дзён пяць-шэсць... - маўчаньне. Зьмітрок ня быў гатовы да такіх лічбаў, і каб крыху супакоіць хлопчыка, Амар ізноў дадаў:
- Віньшую з атрыманьнем галактычнага грамадўянства! Хоць і часовага...
- Пяць дзён? - засумаваў хлопчык, - Мяне напэўна ўжо шукаюць...
Яго і праўда ўжо шукаші. Усёй вёскай. А вось зьнікненьня Гільзы,  зьмітруковага сабакі,  і не заўважылі.
- Можа і болей, як пашанцуе, - адказаў Амар, - нам ляцець ажно у другі канец квадранта.
- І як мы забярэм яго?
- Не хвалюйся, - супакоіў фіялетавы, - у мяне квітанцыя ёсьць!.. Ааа, ты пра шлях? - зразумеў ён, - Паляцім на грамадскім транспарце!
- На аўтобусе?
- Можна сказаць і гэтак, аднак ён ходзіць па міжзорнаму маршруце.
На астэроідзе, дзе знаходзілася аддзяленьне галактычнай паліцыі, было так сама каля сотні невялічніх крам на выхадзе, а ўсё астатняе месца займаў касмапорт. Куды і накіраваліся нашы героі.
- Цудоўна! - раздражнёна ўсклікнуў Амар.
- Што такое?
- Бліжэйшы прамы рэйс да майго карабля будзе праз... шэсць гадоў!
- І што рабіць? - зноў засумаваў Змітрок.
- Нічога, - супакоіў фіялетавы іншапланецянін, - паляцім з перасадкамі, - і пачаў агледжвацца вакол, пакуль не заўважыў адну цікавую птушку.
© Uładzimir Mołčan,
книга «Лупта-лупта».
Звычайна ўсе крамы на выхадзе
Коментарі