Кава, пчолы і фіялетавы злачынец
Справа ў ліхтарах
Частка пра цуды
Як жа складана ў космасе злавіць спадарожку
Звычайна ўсе крамы на выхадзе
Хто такая гэтая Флуфія
Яшчэ адзін спадарожнік
Менавіта тут упаў касмалёт
Уласныя прыгоды малога
Аматар цукерак
Тэатр аднаго сьпяктакля
Вялікае расчараванне
Непакорлівая вышыня
Вось і давярай пасьля гэтага дрэвам
Іваніцька і Фраккуля
Першы кантакт
Дзень Дажджу
На развітанне
Быццам і не зьнікаў
Запрашэнне на працу
Уласныя прыгоды малога
Усё адбылося вельмі хутка. Адзін з абарыгенаў выпусьціў дроцік у малога. Зьмітрок і пасьпеў заўважыць як другі мясцовы жыхар, з крыкам і вялізнай дубінай пабег на Амара. Апошні кінуў лінгвадапаможнік і падаўся на ўцёкі. Абарыген з размаху ўдарыў па скрыні, а фіялетавага ўжо скруцілі.
Пасьля кветкі зьніклі, а перад вачыма хлопчыка было адно толькі неба. Над малым зьявіліся дзьве постаці якія глядзелі на яго з вышыні. Постаці нахіліліся да хлопчыка, а ён нібы выйшаў з свайго цела і ўжо наглядаў за дзеяньнямі збоку. Убачыў ён як двое людзей ходзяць па ягонаму двару і нешта разглядаюць. І зараз яны ля гільзавай будкі, зьвярнулі ўвагу на парваны ланцуг.
Мужчыны павяргуліся, і ў іх руках зьявіліся ружжы. Зьмітрок цяпер быў сярод іх. Насупраць стаяў салдат, і ўсе чацьвёра ўжо цэліліся ў палоннага.
Прагучалі стрэлы, але з ружжаў, замест куль, павырасьлі тонкія галіны невядомага дрэва. Яны абкруцілі сабой стралкоў, у тым ліку і салдата, так, што ўсе былі быццам у кокане.
Пасьля галіны ўпіліся ў зямлю, а хлопчык пачаў аддаляцца - падымацца ўвысь. І ўжо бачыў як гэтае ж вецьце, што парасло з ружжаў, як грыбніца, акутала ўсю плянэту. А з таго месца, дзе стаялі стралкі, адыходзілі імпульсы, якія хваляй распаўсюджваліся па ўсёй сетцы грыбніцы. Імпульс усё пачашчаўся, і плянэта пачала зіхацець.
Гэта была ўжо не плянэта, а вялізная белая кнопка з чырвоным надпісам па-беларуску на ёй -  "аварыйная пасадка". Праўда літары паступова пераўтварыліся ў незнаёмыя іерогліфы, якія хутка разьбегліся ва ўсе бакі з белага поля. Кнопка набліжалася, і захапіла ўвесь агляд малога.
Белае нічога, і люстэрка ўдалечыні. А голас з яго просіць падыйсьці бліжэй. Люстэрка ўжо перад хлопчыкам. А ў ім сам Зьміцер, але нешта з ім не тое. Вочы! Яны зялёныя, балотнага колеру. А ў хлопчыка блакітныя. Ды й не ў піжате той, а ў касьмічным скафандры. Глядзіць. Працягнуў руку малому. З люстэрка паказалася кніжка, што купіў яму Амар. Толькі зараз Зьмітрок мог дакладна прачытаць назву "Міфы і казкі крамбалёнскіх месяцаў".
Хлопчык узяў кніжку, люстэрка гучна лопнула. Малы спужаўся і кніга ўпала на траву. Той падабраў яе і схаваў назад пад піжаму. Яго кудысьці цягнулі. Зноў заснуў.
На гэты раз перад Зьміцерам быў бацькаў пчальнік, а вакол яго пчолы, зьбіраліся нібы ў дарогу. Мітусіліся, нешта забывалі, вярталіся і спрачаліся. Потым, танцуючы ў паветры, чаргой кіраваліся ў амараву прыладу, якая нагадвала пыласос. Праўда, замест Амара, прыладу трымала такая ж, толькі вялізная, пчала, а ў паветры танчылі ўжо маленькія людзі з аднолькавымі чамаданамі ў руках.
Пачулася браханьне сабак, і Зьмітрок ўбачыў як гэтыя людзі, што плясалі хвіліну таму, ланцугом прачэсваюць лес і некага клічуць. Імя знаёмае такое, ня ўспомніў чыё. І голас недзе зьверху:
- Тут жа доза на дарослага, а ты ў дзіцё стрэліў, ёлупень!.. Так, малога ў шпіталь, а з гэтым працягваем.
Зьмітрок ізноў апынуўся невядома дзе. Зараз яму, толькі даросламу, працягваюць нейкую кніжку, а той яе падпісвае. Аддае назад і ўсё імгненна застывае. Пакрываецца рудымі плямамі. Плямы захапляюць ўсё навакольле разам з рукой хлопчыка. Яна пачынае лушчыцца і разьлятацца па ветры, як пясок. Усё разьлятаецца. Роўны гарызонт. Пачалася бура. Нічога ня бачна. Пясок сьлепіць вочы. І сярод цемры Зьмітрок чуе:
- Гэта што, кніга?
"Кніга!" - падумаў малы і яна тут жа зьявілася ў яго ў руках. Але назва не чыталася. Зьмітрок не спыняў спроб разабраць тэкст. Сканцэнтраваўся, але кніга пачала хутка сьцякаць з рук малога. Той захацеў стрэсьці ватныя рэшткі крамбалёнскіх казак і заўважыў, што знаходзіцца ў нейкім, даволі ўтульным, памяшканьні; на яго, праз акуляры, глядзіць не падобная да чалавека йстота.  Яна кінула позірк на свой гадзіньнік, на хлопчыка, у папку:
- Прывід дзіцяці - ёсьць! - вымавіла йстота й выкрэсьліла нешта ў сваёй папцы з паперкамі. Яшчэ раз зірнула на гадзіньнік, і ўсё навокал растварылася. Ізноў цемра. Поўнае нічога.
- Гэй, малы! Што забыў тут?
- Вы мяне бачыце? - зьдзівіўся хлопчык.
- Аге, і чую! Толькі як: ў мяне ні вачэй няма, ні вушэй?!
- А што ёсьць?
- Я ёсьць! Сьпі давай!
© Uładzimir Mołčan,
книга «Лупта-лупта».
Аматар цукерак
Коментарі