Кава, пчолы і фіялетавы злачынец
Справа ў ліхтарах
Частка пра цуды
Як жа складана ў космасе злавіць спадарожку
Звычайна ўсе крамы на выхадзе
Хто такая гэтая Флуфія
Яшчэ адзін спадарожнік
Менавіта тут упаў касмалёт
Уласныя прыгоды малога
Аматар цукерак
Тэатр аднаго сьпяктакля
Вялікае расчараванне
Непакорлівая вышыня
Вось і давярай пасьля гэтага дрэвам
Іваніцька і Фраккуля
Першы кантакт
Дзень Дажджу
На развітанне
Быццам і не зьнікаў
Запрашэнне на працу
Яшчэ адзін спадарожнік
Зьмітрок сядзеў і гартаў кніжку казак, што купіў яму Амар. Кніга была надрукавана на пісьмовай форме агульнагалактычнай мовы, таму Зьміцер бачыў на яе старонках не казкі, а вялікую колькасьць невядомых яму іерогліфаў, пра сэнс якіх ён спрабаваў даведацца ў фіялетавага:
- А што гэта? А гэта? А вось гэта?..
- Адчапіся! - буркнуў той,  - Я табе не нянька! Я вязу цябе дадому і ўсё! Больш я табе нічым не абавязаны!
Хлопчык адразу ж надуўся і працягнуў гартаць кніжку, праўда ўжо моўчкі.
Гэта была дзіцячая кніга казак, дакладней, кніга для вельмі маладых асоб, бо ў агульнай мове не было ўзроставых абмежаваньняў, як і  родаў, усе мелі аднолькавыя правы.  Як толькі лінгвадапаможнік пачынае перакладаць вашы думкі, вы афіцыйна становіцеся разумнай істотай,  а дагэтуль - вы гадаванец, жывёла.
Таму кніга была без карцінак і хутка надакучыла хлопчыку. Той схаваў яе, прыжаўшы к целу рызінкай для трусоў, бо кішэні ў піжаме былі няглыбокімі і маленькімі. Пасьля малы падсеў бліжэй да ілюмінатара і пачаў разглядваць касьмічныя прасторы.
З боку кабіны хлопчык заўважыў туманнасьць, якая станавілася ўсё больш, пакуль не заняла ўвесь агляд з маленькага вакенца.
Туманнасьць прадуяўляла сабой некалькі сфер розных колераў і шчыльнасьці, якія знаходзіліся адна ў адной. Некаторыя перасякаліся з іншымі, некаторыя пачалі ўжо губляць сваю форму. А ў сярэдзіне туманнасьці была вялікая пустэча.
- Прыгожа, так? - загаварыў фіялетавы.
Хлопчык паказальна яго не заўважаў.
- Гэта туманнасьць Крамбалёна, - Зьмітрок адрэагаваў, - Так, таго самага, гэта іхнія казкі.
- Я ўсё роўна ня ўмею іх чытаць, - прабухцеў пакрыўджаны хлопчык.
- Туманнасьць не такая вялікая, як здаецца. Яна стварылася пасьля выбуху Крамбалёна, разам з усімі яго жыхарамі, - расказваў фіялетавы, не падымаючыся зь месца, - Гэта, зачаравальнае сваёй прыгажосьцю, воблака пылу, газу і камянёў - усё, што засталася ад шаснаццаці мільярдаў душ, а твая кніжка - іхняя спадчына, - Амар раптам падскочыў да ілюмінатара. Ледзь ня выдавіў яго сваім тварам.
- Гэй! Певень абскубаны!  - крыкнуў фіялетавы ў бок кабіны, - Ты куды нас завёз?! Што мы робім ля Крамбалёна?!
Кабіна пілёта адчынілася і з яе выйшаў сабака.
- А дзе птушка? - разгубіўся Амар.
- Высадзіла на астэроідзе! - гыркнуў пілёт.
- Гільза! - усклікнуў хлопчык.
- Я не Гільза, - адказаў дварняк.
- Як ты размаўляеш, ты ж... сабака? - зьдзівіўся зямлянін.
- Як заўсёды. Проста зараз ты мяне разумееш дзякуючы лінгвадапаможніку на касмалёце. Я працягваю брахаць, толькі цяпер ты чуеш сэнс, а не гукі, - патлумачыла НЕ Гільза.
- Як, як ты птушку?.. - ня мог сабрацца з думкамі Амар.
- Я не заўсёды была сабакам, - адказаў дварняк, стоячы ў дзьвярах кабіны, - Да таго, як трапіць у твой двор на ланцуг, - зірнула на хлопчыка, - я тры гады была трэнажорам ў зале двубор'яў, дзе правяла больш за 15 тысяч спарынкаў. З апошніх 216-ці я выйшла чыстым пераможцам, таму разабрацца з параплюем для мяне не праблема.
- А як ты тут апынулася, Гільза? - спытаў Зтмітрок.
- Маё першае і сапраўднае імя - Флуфі! Запомні ўжо нарэшце!
Тады хлопчык і зразумеў, чаму яго сабака заўсёды так жыва рэагаваў на сваё імя.
- Адразу я плянавала дамовіцца з гэтым кантрабандыстам, - працягвала Флуфі, - А потым, як вас скралі з плянэты, я скочыла за вамі ў прамень, і схавалася на караблі патрульнага.
- Дарма ты пакінула птушку там, - заўважыў Амар, - яны вельмі помсьлівыя і хутка да нас дабяруцца, пасьля чаго выядуць вочы ўсім траім!
- Я звычайны сабака, а не вялікі стратэг! - адзначыла НЕ Гільза.
- Ты не заўсёды была сабакам!
- Я не заўсёды была менавіта гэтым сабакам!
- Гэта не мяняе сэнсу!
- Мяняе! Бо з самага пачатку я была менавіта сабакам, толькі іншым! І калькі б форм я не зьмяніла, я застануся тым сабакам, якім нарадзілася!
- Значыць усе сабакі размаўляюць? - улез Зьмітрок.
- Не, толькі разумныя! - заўважыла Флуфі, - І ня лезь у размову старэйшых!
- Дык я ж твой гаспадар...
- Мой гаспадар Хутказак Алібаўнас, а не ты, зямное шчаня!
- Да ты жартуеш! Ён жа зьнік разам са сваім гадаванцам шмат гадоў таму! - засьмяяўся фіялетавы.
- Дзіўна, што ты  ведаеш, - адзначыла Флуфі, - Ён зьнік на маіх вачах, а  пасьля я апынулася дарожным знакам на шашы "Альбута - Карнапляцкі ўскос". З таго часу я мяняю формы без усялякай лёгікі, ня ведаючы, як доўга й у якасьці каго я прабуду ў наступнай форме. Але я дарма ня траціда часу! Я высьвятліла, дзе зьнікла я і мой гаспадар. І крок за крокам рухаюся туды!
- Не магла выбраць іншы касмалёт?
- На гэтым быў апушчаны трап, вось я і скочыла сюды, - адказаў дварняк.
- Ён нас чакаў, - заўважыў Амар, - Мне яшчэ трэба твайго знаёмага дадому завесьці!
Абодва паглядзелі на хлопчыка. Той сядзеў збоку й пільна сачыў за лаянкай паміж сабакам і фіялетавым іншапланецянінам.
- Чаму ты босы? - спытала Флуфі.
- Ну мне захацелася ў туалет, - адказаў хлопчык, - а тапкі я не знайшоў у цемры, таму й выскачыў на ганак басонаж...
- Цябе напэўна ўжо шукаюць... Пэўна шукаюць! Толькі ня там дзе трэба, - заўважыў сабака.
- Дык што мы будзем рабіць? - пацікавіўся Амар.
- Мы? - перапытала НЕ Гільза, - Ты даставіш дзіця дадому, як і абяцаў, а я працягну пошукі свайго гаспадара, - пасьля зьвярнулася да Зьмітрука:
- Ты есьці хочыш?
Нечакана запрацавала міжзорнае радыё, і з кабіны пілёта данёсься даволі знаёмы ўсёй троіцы голас:
- Флуфія Кілатава!
- Гэта тваё поўнае імя? - засьмяяўся Амар.
- Адно зь іх, - адказаў сабака і ўсе трое накіраваліся ў кабіну.
© Uładzimir Mołčan,
книга «Лупта-лупта».
Менавіта тут упаў касмалёт
Коментарі